Радавод сяхновіцкіх Касцюшкаў
СТАТЬИ |
|
А. Р. Бензярук: Радавод сяхновіцкіх Касцюшкаў |
|
|
|
Касцюшкі Сяхновіцкія, Сяхноўцы (да XVII ст. пісаліся «Костюшкі-Сехновицкие») старажытны дваранскі род беларускага паходжання, вядомы сваімі ўладаннямі на Берасцейшчыне і актыўным удзелам у грамадскім жыцці краю на працягу XVI —XVIII ст.
Езуіт К. Нясецкі (1682-1744), які карыстаўся пры складанні свайго «Гербоўніка» нейкімі страчанымі для нас актавымі лістамі, сцвярджаў, што ў 1458 г. дробны шляхціц Фёдар Сяхновіцкі атрымаў ад польска-літоўскага гаспадара Казіміра IV Ягелончыка за верныя паслугі і з вечнымі правамі маёнтак Сяхновічы з двума паблізу ляжачымі паселішчамі.
Сын Фёдара Касцюшка Сяхновіцкі (канец XV ст. — да 1561 г.) служыў сакратаром вялікакняжацкай канцылярыі пры Аляксандры I і ў першыя гады панавання Жыгімонта I Старога (прыкладна з 1492 па 1509 г.). Апошні пацвердзіў урадавым лістом у 1509 г. ягоныя правы на Сяхновічы і дазволіў карыстацца ўласным шляхецкім гербам — так званы «Рох-IIІ», у якім на чырвоным полі размяшчаліся тры срэбныя пласціны і лілея. Акрамя Касцюшкаў гэты герб ужывалі Гуркі, Каршы і Расудоўскія, але, па меркаванню К. Нясецкага, упершыню «Рох-III» быў створаны менавіта для сяхновіцкіх уладароў.
Касцюшка з'явіўся фактычным заснавальнікам роду; у гонар яго нашчадкі прынялі прозвішча Касцюшкаў. Ён ажаніўся з адной з заможнейшых літоўскіх нявест — Ганнай, дачкой князя Юр'я Гальшанскага (1507 — 1534 гг.), што высока ўзняло яго прэстыж у вачах навакольнай шляхты (у XV ст. з Гальшанскімі радніліся князі Вітаўт і Ягай ла, кобрынскі князь Сямён).
Сынам сваім Касцюшка пакінуў 4 невялікія маёнткі з 5 вёскамі, раскіданымі па Берасцейшчыне. Род хутка разрастаўся і ўжо ў XVI ст. даў некалькі буйных парасткаў, адкуль з'явіліся Касцюшкі Валюжынічы, Касцюшкі-Хабатоўскія, Касцюшкі Цеханавецкія. Тая галіна радавога дрэва, што трымала за сабою Сяхновічы, пачала ў афіцыйным справаводстве ўжываць прыдомак Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
Старэйшы сын Касцюшкі Іван Касцюшкавіч Сяхновіцкі ўдзельнічаў у Лівонскай вайне (1558 — 1583 гг.). У яго адсутнасць на спадчыне, цэнтрам якой з'яўляўся маёнтак Ступічова, гаспадарыла жонка — Ганна Фурсава, якой нярэдка прыходзілася звяртацца да берасцейскага гарадскога суда, каб адстаяць свае правы на зямлю. Ганна нават здолела ў 1577 г. пашырыць свае ўладанні, адсудзіць дзве валокі ворыва ад Непакойчыцкага маёнтка. Але ў лютым 1580 г. яна ледзь не страціла частку належачага ёй лесу каля Сяхновіч, адкуль яе спрабаваў сілай зброі сагнаць зямянін Л. Л. Пацей.
Напружаныя адносіны ў Ганны захоўваліся і з дзеверам — Фёдарам Касцюшкавічам Сяхновіцкім, які ў пачатку чэрвеня 1577 г. зрабіў спробу замацавацца ў Ступічове. Таму паміж імі нярэдка ўзнікалі спрэчкі, якія хутка перарасталі ў адкрытую варожасць. Калі Фёдар у прысутнасці судовых сведкаў аднойчы запатрабаваў ад братавай «учыніць яму справядлівасць» па справе аб забойстве жывёлы, тая дзёрзка адказала: «Няхай Касцюшка першы ўчыніць мне справядлівасць, тады і я ўчыню».
Намер Фёдара аб'яднаць у адзіных руках усю бацькоўскую спадчыну, відаць, скончыўся перамогай, і 30 жніўня 1577 г. ён перадаў у пажыццёвае карыстанне сваёй жонцы Таміле, дачцэ заможнага шляхціца Міхаіла (Cасноўскага, Ступічоўскі маёнтак. На маладой удаве Афанаса Навіцкага, Т. М. Сасноўскай, Фёдар ажаніўся каля 1574 г.
Жонка прынесла яму ў выглядзе пасагу маёнтак Клюкавічы. Існуе меркаванне, што ў адрозненне ад мужа Таміла была каталічкай, але Фёдар не патрабаваў ад яе змяніць веру. 3 XVII ст. большасць прадстаўнікоў роду адыходзяць ад праваслаўя, пачынаюць ужываць замест формы «Костюшко» яго паланізаваны варыянт «Косцюшко». Не заўсёды ёсць магчымасць выявіць ступені радства і таму прыгадаем толькі найбольш вядомых з Касцюшкаў, якія пакінулі след у гісторыі.
Фёдар Сяхновіцкі памёр у 1622 г., перажыўшы свайго старэйшага сына Грыгорыя (Рыгора), пра якога нам вя дома толькі, што ў 1618 г. яго ўжо не было паміж жывых. Таму амаль уся дзедава спадчына перайшла да Яна Рыгоравіча (жыў у першай палове XVII ст.), які ў сталыя гады далучыўся да пратэстанцтва.
Пры ім Касцюшкі не толькі ўтрымлівалі непадзельна былыя ўладанні, але і пашыралі іх за лік суседніх зямель. Дзядзька Яна — Адам Фёдаравіч — 28 красавіка 1631 г. атрымаў ад зямян Здзітавецкіх надзелы абапал рэчкі Нячаўніцы (правы прыток ракі Мухавец); яму таксама перадаваліся ў вольнае карыстанне двор з млыном і «шмат грунту» ва ўрочышчы Татарынава Балота, якія знаходзіліся за вёскай Грыцэвічы. Звыш таго, пан Адам прыдбаў ад Здзітавецкага маёнтка «сяльцо Сенкавіцы» (суч. Сенысавічы), размешчанае ва ўрочышчы Чарцёж.
Касцюшкі падтрымлівалі добрасуседскія адносіны з навакольнымі шляхціцамі, ахвотна радніліся з імі. Ганна Касцюшка-Сяхновіцкая пайшла замуж за Яна Косцю, які ў 1602 г. атрымаў ад караля Жыгімонта III Вазы Збірогі і Старое Сяло ў Берасцейскім ваяводстве. Таму Ганна лічыцца заснавальніцай «па кудзелі» роду Косцяў-Збірожскіх, якія ў XVII —XVIII ст. мелі свае валоданні на захадзе Жабінкаўшчыны (вёскі Рачкі, Пшанаі, Карабаны і інш.).
На 80 я гады XVII ст. прыпадае дзейнасць ротмістра Мікалая Касцюшкі, які абіраўся дэпутатам сейма ад Навагрудскага павета. Вясной 1632 г., пасля смерці караля Жыгімонта III, ён павінен быў удзельнічаць у абранні новага гаспадара, але па нейкай прычыне на сейм не з'явіўся. Прычынай яго адсутнасці маглі быць толькі дзяржаўныя справы: у складзе камісіі, назначанай князем А. У. Радзівілам, пан Мікалай прымаў ад яўрэя арандатара М. Лазаровіча Шарашоўскую воласць. У 1631 г. М. Касцюшка-Сяхновіцкі адсудзіў ад зямяніна М. Калечыцкага, уладальніка Здзітава, 1000 злотых. А адзін з яго нашчадкаў Юрый Касцюшка атрымаў 29 чэрвеня 1652 г. ва ўладанне маёнтак Дашковічы — «за Алізаравым Ставам», як адзначаецца ў застаўным лісце. Такім чынам, да сярэдзіны XVII ст. Сяхновіцкі маёнтак пашырыўся амаль у 5 разоў і склаў 2450 га.
У перыяд смуты (1648—1667 гг.), якая вядома ў гісторыі Рэчы Паспалітай пад назвай «Патопу», не апошнюю ролю на Берасцейшчыне ігралі нашчадкі Івана Касцюшкавіча — Пётр, Казімір, Ян, Францішак Пятровічы Касцюшкі. Паколькі нават у гэты неспакойны час Сяхноўцы спрабавалі берагчы сваю спадчыну ад падзелаў, то малодшыя прадстаўнікі роду пачалі сяліцца на Гродзеншчыне, Мсціслаўшчыне і ў іншых мясцінах.
Так, у 1669 г. уладальнік Грыцэвіч Хрызастом Касцюшка пераехаў у Кобрын, як толькі купіў гарадскі пляц у нашчадкаў прыдворнага злотніка (ювеліра) каралевы Боны — Пьетра дзі Напалі (Пятра Неапалітанчыка). Пан Хрызастом з'яўляўся адным з гаспадароў разбуранага вайной горада, у якім з 478 двароў уцалела толькі 148. Менавіта ён настаяў на выгнанні з Кобрына яўрэйскага кагала: па Касцюшкавай прапанове кароль Ян III Сабескі 24 сакавіка 1688 г. абвясціў у Гародні жорсткі дэкрэт, у якім загадваў «вечне выволять» кобрынскіх жыдоў «зо всех земель н паньства», яны аб'яўляліся па-за законам і не мелі права прытулку, павінныя вечна бадзяцца па свеце.
Пляц у Кобрыне Хрызастом трымаў да смерці. Калі яго землі адышлі да магдэбургіі ў 1704 г., нашчадак Хрызастома Міхаіл Касцюшка за 200 злотых адкупіў спадчыну. Так званы «Касцюшкаўскі» пляц заставаўся ў родзе яшчэ амаль 40 год.
Немалыя намаганні прыкладваліся, каб палепшыць сяхновіцкую гаспадарку, аднаўляліся царкоўныя пабудовы, якія з цягам часу ўсё больш прыходзілі ў непрыгоднасць. Так, гродскі пісар Берасцейскага ваяводства Павел Касцюшка-Сяхновіцкі ў 1727 г. абнавіў Мікалаеўскую царкву ў Вялікіх Сяхновічах, прызначыў у ёй святаром Васіля Бялевіча, пакінуў у яго карыстанне царкоўны дом з усімі пабудовамі і навакольнымі землямі, лясамі і сенажацямі. Ад В. Бялевіча і ягоных наступнікаў Павел патрабаваў толькі «дбайна клапаціцца аб духоўнай карысці сваіх прыхаджан» і кожную суботу служыць абедню ў гонар заснавацеляў храма. Аднак сыны Паўла не толькі распрадалі пакінуты бацькам кобрынскі пляц, але і адмовіліся ад сваёй часткі Сяхновіч на карысць князёў Чартарыйскіх.
Сярод вялікай радзіны Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, якая налічвае больш за 200 прадстаўнікоў, звязаных сваімі каранямі з Сяхновічамі, жыццё трох прамых продкаў Тадэвуша Касцюшкі прыпадае на часы росквіту сяхновіцкага маёнтка.
А. Р. Бензярук
|